- Адреса и телефоны
- 246023, г. Гомель, проспект Речицкий, 35а/14
- (8-0232) 25-15-50
- (8-0232) 25-15-50
- gomel@mchs.gov.by
Маладым матулям распавялі пра асновы бяспекі
Петрыкаўскія ратавальнікі правялі прафілактычнае мерапрыемства з маладымі мамамі, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём, а таксама з іх дзецьмі. Гутарка прайшла на базе Петрыкаўкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Выратавальнік расказаў бацькам, што асновам бяспекі дзяцей неабходна навучаць з ранняга ўзросту. Прысутныя даведаліся і ўспомнілі пэўныя правілы паводзін, бо нават звыклыя для нас рэчы могуць утойваць небяспеку для малога.
Дарослыя актыўна ўключыліся ў гутарку з інспектарам МНС і здзейснілі віртуальную экскурсію па пакоях кватэры праз гульню. Кухня, прыбіральня і дзіцячы пакой — усе небяспекі знойдзены і разабраны. Завастрылі ўвагу і на пытаннях бяспекі жыццядзейнасці і ў домаўладаннях.
— Нельга пакідаць на ноч зараджацца мабільныя тэлефоны. Здавалася б, звычайная зарадная прылада, якую не дасталі з разеткі або пакінулі без нагляду зараджацца, можа прывесці да пажару, знішчыць маёмасць і самае страшнае — забраць жыццё. Прывучыце сябе, выходзячы з дому выключаць усё электраабсталяванне, акрамя халадзільніка вядома, — распавёў інспектар і паказаў фота наступстваў ад пажараў, якія адбыліся з прычыны няправільнай эксплуатацыі электрапрыбораў.
Прапагандыст нагадаў пра правілы паводзін падчас узнікнення пажару, а таксама нагадаў аб кампаніі МНС «Будзь побач з дзіцем». Не забыўся распавесці і пра патрэбнага памочніка ў кожнай хаце — аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які гучным сігналам абудзіць жыхароў хаты ў выпадку задымлення.
Работнік МНС расказаў, як прадухіліць няшчасныя выпадкі і паказаў, як правільна праводзіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю і аказваць першую дапамогу малому пры асфіксіі, а ў канцы мерапрыемства раздаў дзецям і дарослым буклеты.