Учреждение «Гомельское областное управление МЧС Республики Беларусь»
- Адреса и телефоны
- 246023, г. Гомель, проспект Речицкий, 35а/14
- (8-0232) 25-15-50
- (8-0232) 25-15-50
- gomel@mchs.gov.by
У рэжыме анлайн: прайшло пасяджэнне Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь
У Рэспубліканскім цэнтры кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Беларусі адбылося пасяджэнне Камісіі па надзвычайных сітуацыях (КНС) пры Савеце Міністраў. У рэжыме анлайн мерапрыемства аб'яднала удзельнікаў з рэгіянальных абласных упраўленняў МНС. Па разглядаемых пытаннях ад Гомельскай вобласці даклад ажыццяўляў намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Алейнікаў.
Пад кіраўніцтвам намесніка Прэм’ер-міністра Анатоля Сівака дзяржаўныя органы і профільныя ведамствы абмеркавалі пытанні гатоўнасці да веснавой паводкі і пажаранебяспечнага сезону 2026 года. Удзел у мерапрыемстве прыняў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі.
Асноўны акцэнт сустрэчы быў зроблены на забеспячэнні пропуску веснавых вод. Згодна з прагнозамі і шматгадовымі назіраннямі, пры негатыўным сцэнарыі развіцця падзей у зону рызыкі могуць патрапіць населеныя пункты, садовыя таварыствы і ўчасткі дарог у 60 раёнах краіны, размешчаных у басейнах буйных рэк.
Сітуацыя можа ўскладніцца ў выпадку выпадзення значных ападкаў. У сувязі з гэтым Анатоль Сівак паставіў перад удзельнікамі канкрэтную задачу:«Важна ўлічыць усе нюансы і адпрацаваць найбольш негатыўны сцэнарый, які можа скласціся. Неабходна быць гатовымі да магчымых наступстваў паводкі, адэкватна і своечасова рэагаваць на аператыўную абстаноўку».
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях загадзя прыняло адпаведнае распараджэнне. Для аператыўнага рэагавання сфарміраваны спецыяльныя зводныя атрады, кожны з якіх налічвае не менш за 30 спецыялістаў, аснашчаных патрэбнай тэхнікай.
Для кантролю сітуацыі арганізаваны штодзённы гідралагічны маніторынг. Ратавальнікі ўжо вызначылі патэнцыйна небяспечныя заторна-зажорныя ўчасткі на рэках, дзе ледзяныя глыбы могуць перашкаджаць ходу вады.
Для ліквідацыі ледзяных затораў МНС гатова задзейнічаць 5 груп уласнай узрыватэхнічнай службы. Акрамя таго, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Узброенымі Сіламі Беларусі: пры неабходнасці да работ будуць прыцягнуты узрыўнікі са складу воінскіх часцей і падраздзяленняў інжынерных войскаў.
Асаблівую ўвагу надалі пытанню транспартнай даступнасці раёнаў, якія знаходзяцца ў зоне верагоднага падтаплення. У распараджэнні Пінскага цэнтра РАСП «ЗУБР» знаходзіцца ўнікальная пантонна-маставая служба. Ратавальнікі здольныя ў самыя кароткія тэрміны ўзвесці: наплаўны мост даўжынёй 267 метраў (грузападымальнасць да 20 тон); мост даўжынёй 186 метраў (для цяжкай тэхнікі да 60 тон); паромныя пераправы грузападымальнасцю 40, 50 і 60 тон.
Даведачна: Пачынаючы з 2017 года, беларускія ратавальнікі 5 разоў наводзілі пантонныя масты ў крытычных сітуацыях. Пераправы забяспечвалі жыццядзейнасць населеных пунктаў у Жыткавіцкім (праз Прыпяць), Светлагорскім (праз Бярэзіну) раёнах і ў Наваполацку (праз Заходнюю Дзвіну).
Акрамя таго, органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях сфарміраваны пералікі тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць эфектыўна праводзіць аварыйна-ратавальныя работы і забяспечыць бяспеку грамадзян пры неспрыяльных умовах.
Для своечасовага інфармавання насельніцтва аб абстаноўцы з затапленнямі даныя ўносяцца на інтэрактыўныя карты, размешчаныя на сайтах МНС, БелТА і Чырвонага Крыжа. Пры неабходнасці будзе наладжана SMS-апавяшчэнне грамадзян і размяшчэнне бягучага радка на тэлебачанні.
Прынятыя прэвентыўныя меры і комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні падтапленняў дазволяць мінімізаваць парушэнні ўмоў бяспечнай жыццядзейнасці насельніцтва.
Нягледзячы на высокую гатоўнасць ратавальнікаў, падчас пасяджэння падкрэслена важнасць работы «на месцах». Мясцовым органам улады даручана актывізаваць дзейнасць па падрыхтоўцы да бяспечнага прыёму паводкі, у тым ліку правесці работы па ачыстцы водапрапускных труб для забеспячэння бесперашкоднага сходу паводкавых вод. Немалаважным з’яўляецца інфармаванне насельніцтва, якое пражывае на патэнцыйна падтапляльных тэрыторыях, аб неабходнасці самастойна падрыхтаваць свае падворкі да магчымага падтаплення, а таксама тлумачэнне грамадзянам правілаў бяспекі і паводзін ва ўмовах веснавой паводкі.
Другая частка пасяджэння Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў была прысвечана не менш вострай сезоннай праблеме – пажарам у прыродных экасістэмах. Аналіз статыстыкі мінулага года паказаў двухразовы рост колькасці ўзгаранняў, што патрабуе ад мясцовых улад і профільных ведамстваў карэннага перагляду падыходаў да прафілактыкі.
Даведачна: у 2025 годзе зарэгістравана 6315 (у 2024 г. – 3292) узгаранняў, з іх: 774 (431) лясныя пажары, 131 (93) тарфяныя, 5410 (2768) травы і кустоўя. Пры выпальванні сухой расліннасці загінулі 3 чалавекі (у 2024 г. – 6), траўміравана – 11 (9), знішчана больш за 100 (126) будынкаў і збудаванняў (пашкоджана – 100).
Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што паняцце «сезоннасці» для прыродных пажараў становіцца ўсё больш умоўным. У 2025 годзе першае ўзгаранне зафіксавалі ўжо 2 студзеня ў Гомельскай вобласці, а апошняе – 4 снежня на Брэстчыне.
Пасля заканчэння онлайн мерапрыемства намеснік аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў паставіў канкрэтныя задачы адпаведным службам па разгледжаных на пасяджэнні пытаннях.
МЧС Беларуси
МЧС Беларуси