image description
 

Учреждение Гомельское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Ветэран МНС – аб удзеле ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, самых небяспечных пажарах, рызыкоўных сітуацыях і кур’ёзных гісторыях за 37 гадоў службы (Материл СБ.Беларусь сегодня)

909

Праца з агеньчыкам

19 студзеня сваё прафесiйнае свята адзначаюць ратавальнiкi: з гэтай нагоды іх павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. У гэты дзень 22 гады таму ўказам Кіраўніка дзяржавы было зацверджана Палажэнне аб Мiнiстэрстве па надзвычайных сiтуацыях Рэспублiкi Беларусь. На ведамства, якое стала правапераемнiкам ваенiзаванай пажарнай службы, ускладалiся таксама функцыi па папярэджаннi i лiквiдацыi надзвычайных сiтуацый. А за атрадамi i часцямi МНС замацоўваўся статус «аварыйна-выратавальныя», якi абавязваў дапамагаць пры любых абставiнах тым, хто церпiць бедства.

Пра тое, якой яна бывае, рызыка, i пра кур’ёзы прафесii напярэдаднi свята журналiсту «Р» расказаў адзiн з ветэранаў – палкоўнiк унутранай службы ў адстаўцы Пётр Салонiн.

ca7983b1a9ae3e0b0121fa4dea087c5c.jpg
Палкоўнiк унутранай службы ў адстаўцы Пётр Салонiн.

Жыццёвыя ўнiверсiтэты

З прафесiйным выбарам наш расказчык вызначыўся адразу пасля школы. Мэтай стала паступленне ў Ленiнградскае пажарна-тэхнiчнае вучылiшча МУС СССР. Дарэчы, конкурс быў больш чым сур’ёзны – шэсць чалавек на месца. Але большасць прэтэндэнтаў адсеялася на экзамене па матэматыцы. Для Пятра, якi меў пяцёрку ў атэстаце, праблемай гэта не стала.

На лета курсанты адправiлiся ў палявы лагер. Жылi ў лесе на мяжы з Фiнляндыяй. Днём – невыносная спякота, ранiцай – iней на траве. Затое вада ў рэчцы побач была такой, што яе не толькi выкарыстоўвалi для прыгатавання ежы, але i бязбоязна пiлi.

Са смехам Пётр Iванавiч успамiнае пацешны iнцыдэнт:

– Неяк увечары моцна прыхапiла жывот. Мяне – ў санчасць i тут жа ноччу павезлi ў шпiталь. Раптам апендыцыт цi яшчэ што сур’ёзнае. Адлегласць – кiламетраў дзвесце. I вось калi амаль прыехалi, я разумею, што нiчога ўжо не балiць. Шапнуў пра гэта суправаджаўшаму камандзiру аддзялення. Абодва не ведалi, як расказаць. Быццам сорамна. Камандзiр кажа, маўляў, працягвай хварэць. Але доктара не правядзеш. Агледзеў мяне, жывот памацаў, распытаў. Я яму прызнацца не адважыўся. Мабыць, ён падумаў, што я сiмулянт. Распарадзiўся шпiталiзаваць i прызначыў мне такую дыету, што тыдзень аднымi булёнчыкамi харчаваўся. Згаладаўся так, што ледзь дачакаўся выпiскi…

Скончыўшы вучылiшча, лейтэнант Салонiн вярнуўся на малую радзiму – у Калiнкавiчы. Працаваў iнспектарам, а затым начальнiкам iнспекцыi дзяржпажнагляду, пасля чаго зноў вучыўся. Цяпер ужо ў Маскве – у Вышэйшай iнжынернай пажарна-тэхнiчнай школе МУС СССР.

Пажар без асаблiвых прычын

Працягваць службу накiравалi ў Гомель, дзе якраз была створана выпрабавальна-пажарная лабараторыя. У гэты перыяд давялося ўдзельнiчаць у выпрабаваннях тканiн, створаных для выкарыстання ў бескiслародным асяроддзi. Што азначала адно: матэрыял неяк звязаны з касмiчнымi распрацоўкамi. Але аб падрабязнасцях па зразумелых прычынах спецыялiстаў нiхто не iнфармаваў – рэжым сакрэтнасцi. Вядома толькi, што такiя даследаваннi праводзiлiся i ў iншых лабараторыях Савецкага Саюза – для атрымання найбольш дакладных i аб’ектыўных вынiкаў.

Але ў асноўным, зразумела, даводзiлася займацца зямнымi справамi. Напрыклад, устанаўлiваць прычыны пажараў на аб’ектах АПК. Нярэдка яны адбывалiся з-за няправiльнай сушкi кармоў. Хiтрасць у тым, што пры незахаваннi пэўных правiлаў узгаранне сенажу можа здарыцца самаадвольна, без крынiцы агню. У лiчаныя хвiлiны полымя знiшчае цяжкую працу соцень людзей. Па вынiках аналiзу быў выдадзены метадычны зборнiк, якi разышоўся даволi вялiкiм тыражом у розных рэспублiках.

Пётр Iванавiч успамiнае яшчэ адзiн буйны пажар з неардынарнай прычыны. Адбыўся ён у пачатку 1980-х на фабрыцы штучнага футра ў Жлобiне. Акрамя звычайных разлiкаў, у лiквiдацыi НС удзельнiчалi два спецыяльныя пажарныя цягнiкi. Гарэла сыравiна – штучнае валакно з вялiкай колькасцю хiмiчных рэчываў. Таму тушэнне суправаджалася смуродам, з-за якога пажарныя рызыкавалi атрымаць атручэнне.

Але самае цiкавае пачалося пасля:

– Як начальнiк лабараторыi, я ўваходзiў у склад камiсii па расследаваннi прычын. Версii разглядалiся розныя. Дарэчы, пажар адбыўся 1 мая, i супрацоўнiкi КДБ падазравалi, што гэта магла быць дыверсiя. Маўляў, працiўнiкi савецкай улады спецыяльна зрабiлi падпал у важнае дзяржаўнае свята. Месяц мы працавалi. Устанавiлi ачаг узгарання – цюк з сыравiнай, у якiм выявiлi незвычайныя прагары. Прыйшлi да высновы, што вiной стаў прэс, з якога адбылася ўцечка масла. Сыравiна прамокла ад яго, а ў далейшым гэта справакавала i ўзмацнiла працэс самазагарання.
ec95e39d3fc658d0d2a46ed4073ee874.jpg

Музей пажарнай справы 

Выпрабаванне Чарнобылем

Як i тысячы калег, Салонiн удзельнiчаў у лiквiдацыi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Праз тыдзень пасля выбуху ў складзе зводнага атрада ён прыбыў у Нараўлянскi раён:

– Усе патрыёты, i да таго ж у пагонах, паехалi ў чарнобыльскую зону без лiшнiх пытанняў, нават не маючы нармальных сродкаў абароны. Таму што так трэба. У вёсках, на той момант ужо эвакуiраваных, праводзiлi дэзактывацыю. Палiвальныя машыны запраўлялi з ракi. У цыстэрны дадавалi парашок – i раствор гатовы. Сцяну памыем, i, пакуль яна сырая, узровень радыяцыi ў норме. Ледзь высахне – фон вяртаецца. Паветра ж не памыеш…

Пазнаёмiўся з камандзiрам палка войскаў хiмабароны. Ён абяцаў назаўтра выдзелiць некалькi дазiметраў. А ранiцай прыязджаю – ваенных i след прастыў. Аказалася, iм загадалi тэрмiнова эвакуiравацца – занадта небяспечна.

У наступныя гады вярталiся ў зону, каб тушыць лясы i тарфянiкi ў Брагiнскiм раёне. Пазней заслугi Салонiна i чацвярых яго таварышаў былi адзначаны медалямi «За адвагу на пажары».

У адной з камандзiровак у 1990 годзе ў самы непрыдатны момант зламаўся камандзiрскi ўазiк. Сувязь з калегамi адсутнiчала – да з’яўлення першых мабiльнiкаў было яшчэ далёка. Прыйшлося адправiцца ў начны паход:

– На той час у зоне распладзiлiся дзiкi. Яны насiлiся, як уздумаецца, чым i выклiкалi найбольшую небяспеку. Узяў самую вялiкую адвёртку, быццам бы для абароны, i пайшоў. Пастаянна прыслухоўваўся i трымаўся блiжэй да дрэў, каб у выпадку чаго паспець узлезцi. Замарудзiш – саб’юць з ног, нiякая адвёртка не дапаможа. На шчасце, прагуляўся нармальна  выйшаў на трасу, а там мяне аўтобус падабраў.

Нашумелы серыял НВО «Чарнобыль» Пётр Iванавiч не глядзеў прынцыпова:

 Я сам праз усё гэта прайшоў i бачыў тое, што бачыў. Новага мне не раскажуць. А тое, што нехта там прыдумаў, неяк па-свойму па-мастацку адлюстраваў, такiм кiно не хачу нават сябе хваляваць.

Полымя над галавой

Самым небяспечным за час службы ветэран лiчыць эпiзод, якi здарыўся на пачатку 1990-х:

– Я тады курыраваў аб’екты «Беларуснафты». Паведамляюць: па лесе iдзе верхавы пажар у бок буравых свiдравiн на Асташкавiцкiм радовiшчы. Селi ў ЗiЛ-130 i памчалi туды. Выскокваем на паляну i чуем гул – па верхавiнах дрэў хваля агню наблiжаецца. Прыйшлося байцам ваду набiраць у боты i пралiваць вакол аўтамабiля, каб хоць якую-небудзь абарону стварыць. Вядома, калi б нас накрыла, гэта не выратавала б. Але абышлося – агонь паверсе прайшоў. Аднак сiвых валасоў, думаю, у кожнага, хто там быў, дабавiлася…

У тым жа Рэчыцкiм раёне неяк гарэў лес. З’ява ўвогуле звычайная. Да таго моманту, пакуль не прагрымеў выбух, а затым яшчэ i яшчэ. Рвалiся снарады, якiя ляжалi ў зямлi з часоў Вялiкай Айчыннай вайны. Прыйшлося даць каманду асабоваму складу спынiць тушэнне i эвакуiравацца. Бяспека людзей вышэй за ўсё.

Служба здзейснiлася

Увогуле Пётр Iванавiч прысвяцiў службе больш за 37 гадоў, завяршыў яе на пасадзе намеснiка начальнiка Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. Канчатковы этап прыйшоўся на знамянальны перыяд – станаўленне органаў МНС Беларусi.

– Вядома, спачатку многiх з нас мучылi смутныя сумненнi, – прызнаецца таварыш палкоўнiк. – Стваралася зусiм новае ведамства. Якiм яно будзе? Якi статус атрымае? Цi заслужыць аўтарытэт? Час паказаў, што мы хвалявалiся дарэмна. Плюсы стварэння МНС як самастойнай структуры вiдавочныя. Сёння гэта шматпрофiльная служба, без якой проста нельга абысцiся. На ўзбраеннi – сучасная тэхнiка, абсталяванне, экiпiроўка. Гэта значыць, усё тое, што ў сукупнасцi вызначае боегатоўнасць падраздзяленняў МНС. У яе высокiм узроўнi я нiколькi не сумняваюся.

Прафесiю бацькi абраў i сын Вiталь, якi цяпер служыць у вытворча-тэхнiчным цэнтры ГАУ МНС.

prolesk@sb.by

Материал подготовлен и размещен СБ. Беларусь сегодня

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости

 

Волшебная книга
Волшебная книга
Моб. приложение
Моб. приложение

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть